Бо толькі раз на год можна ўбачыць на цэнтральнай плошчы Чэрвеня столькі прыгожых, усхваляваных, адухоўленых маладых людзей, пачуць столькі сардэчных, цёплых, кранальных слоў падзякі.
Сёлета атэстаты сталасці атрымалі 130 выпускнікоў. І ў многіх з іх была асабістая хвіліна славы, калі яны ішлі праз плошчу да імправізаванай сцэны, дзе ім былі ўручаны медалі, падзякі і падарункі.
...У гэтую пятніцу многія, гледзячы ў пахмурнае неба, упрошвалі яго не праліцца дажджом.
Бо для чаго тады дзяўчаты-выпускніцы падрыхтавалі прыгожыя строі, зрабілі прычоскі, святочны макіяж, а юнакі-выпускнікі прымералі белыя кашулі і завязалі гальштукі?!
Вядома ж, для таго, каб зрабіць выпускны яркім, феерычным, незабыўным. Каб ён застаўся ў памяці надоўга, назаўжды.
І ні важкія кроплі дажджу, ні парывы халоднага ветру не перашкодзілі гэтаму!
А калі выпускнікі толькі збіраліся каля гарадскога Дома культуры і рыхтаваліся прайсці ўрачыстай калонай на плошчу, над іх галовамі ганарліва, павольна, шырока расправіўшы крылы, праляцеў бусел.
Няйначай – блаславіў!
Ну а мы, акрыленыя гэтым блаславеннем, ідзем да плошчы!
І вось яны – хвіліны славы для кожнай навучальнай установы, якая мае сёлета выпускнікоў 11 класаў!
Яны – самыя актыўныя, таленавітыя, крэатыўныя, разумныя... Сапраўды, САМЫЯ ЛЕПШЫЯ!
Гэта выпускнікі гімназіі №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня, сярэдняй школы №2 імя А.К.Флегантава г.Чэрвеня, сярэдняй школы №3 і сярэдняй школы №4 г.Чэрвеня, сярэдняй школы №1 і сярэдняй школы №2 2 г.п.Смілавічы, Валевачоўскай, Запольскай, Руднянскай і Раваніцкай сярэдніх школ з дырэктарамі і настаўнікамі.
Сардэчна запрашаем!
Старшыня Чэрвенскага райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі разам з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ірынай Мікалаеўнай Змачынскай уручае атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі спецыяльнага ўзору, залатыя і сярэбраныя медалі.
І вось яны, медалісты! Гонар усёй Чэрвеншчыны!
Залатымі медалямі ўзнагароджаны:
Ганна Шукан і Аліна Апячонак (гімназія № 1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня), Паліна Дадалка, Маргарыта Шпак і Ксенія Лянцэвіч (сярэдняя школа № 4 г.Чэрвеня), Віялета Бурак, Варвара Нежавец і Марыя Розум (сярэдняя школа № 1 г.п.Смілавічы), Аляксандра Кахновіч (сярэдняя школа № 2 г.п.Смілавічы), Анастасія Няхай (Запольская сярэдняя школа), Кацярына Дзяркач (Руднянская сярэдняя школа).
Сярэбранымі медалямі ўзнагароджаны:
Паліна Поляк і Альберт Мастоўскі (сярэдняя школа № 2 г.п.Смілавічы), Станіслаў Бабіцкі (сярэдняя школа № 4 г.Чэрвеня).
Нашы шчырыя ВІНШАВАННІ!!!
Ушанаванне 100-бальнікаў сярэдняй школы №4 г.Чэрвеня – Станіслава Бабіцкага і Паліны Дадалкі, іх бацькоў і настаўнікаў...
Падзякі за поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў...
Шчырыя словы з вуснаў ганаровых гасцей – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Васільевіча Корсіка, першага намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэя Паўлавіча Гусарава, старшыні Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Ларысы Віктараўны Ефіменкі, намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Лідзіі Аляксандраўны Шчацінкі, намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Любові Віктараўны Булойчык, дырэктара Чэрвеньскай ДЮСШ Ігара Аляксандравіча Філічонка.
А затым вядучыя запрасілі да мікрафона чалавека, чыя падтрымка і дапамога сістэме адукацыі Чэрвеньскага раёна проста неацэнная. Гэта дырэктар унітарнага прадпрыемства "Нафтабітумны завод" Аляксандр Леанідавіч Храмцоў. Ён прыйшоў не з пустымі рукамі, а з падарункамі!
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Мікалаеўна Змачынская прывітала прысутных на роднай беларускай мове.
Таксама яна ўручыла настаўнікам высокія ўзнагароды.
Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі "Выдатнік адукацыі" ўзнагароджаны Наталля Уладзіміраўна Камінская, настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня, і настаўнік біялогіі сярэдняй школы №4 г.Чэрвеня Вераніка Генадзьеўна Шчурок.
За шматгадовую плённую работу ў сістэме адукацыі, значны асабісты ўклад у адукацыю і выхаванне падрастаючага пакалення настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 г.Чэрвеня Святлана Мікалаеўна Няборская ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
За добрасумленную працу, праяўлены прафесіяналізм і ініцыятыўнасць дырэктар Чэрвеньскай ДЮСШ Ігар Аляксандравіч Філічонак узнагароджаны Граматай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Таксама Ірына Мікалаеўна Змачынская ўручыла лісты падзякі класным кіраўнікам выпускных класаў – за неацэнны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення, талент і майстэрства, высокі прафесіяналізм, шчырую любоў да дзяцей і адданасць сваёй прафесіі.
На выпускным вечары таксама былі адзначаныя бацькі выпускнікоў. Ірына Мікалаеўна Змачынская ўручыла лісты падзякі ад упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама.
Цёплыя словы пажаданняў прагучалі з вуснаў таты залатой медалісткі сярэдняй школы № 2 г.п.Смілавічы Аляксея Міхайлавіча Кахновіча.
Ад імя выпускнікоў са словам у адказ выступіла 100-бальніца Паліна Дадалка з сярэдняй школы №4 г.Чэрвеня.
І, вядома ж, увесь вечар панаваў Яго Вялікасць Вальс!
Святлана Адамовіч
Фота аўтара