Другасная прафілактыка суіцыдальных паводзінаў праводзіцца:
1) з мэтай выдзялення груп суіцыдальнай рызыкі і суправаджэння дзяцей, падлеткаў і сем'яў групы рызыкі з мэтай папярэджання суіцыдаў,
2) пры паступленні інфармацыі аб кожным непаўналетнім, схільным да суіцыдальных паводзінаў, якія здзейснілі суіцыдальную спробу, уцягнутыя ў дэструктыўныя інтэрнэт-супольнасці.
1. Другасная прафілактыка ў першым выпадку накіраваная на выяўленне фактараў рызыкі, якія правакуюць суіцыдальныя схільнасці, на своечасовае выяўленне навучэнцаў, якія маюць зменены псіха-эмацыянальны стан, схільных да суіцыданебяспечных паводзінаў.
Задачы педагагічнага калектыву заключаюцца ў:
• выяўленні дзяцей і падлеткаў, якія маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе і абароне;
• павышэнні дасведчанасці персаналу, бацькоў і навучэнцаў аб прыкметах магчымага суіцыду, фактарах рызыкі і шляхах дзеяння ў гэтай сітуацыі;
• рабоце з сям'ёй непаўналетняга, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю або адчувае крызісны стан;
• аказанні экстранай першай дапамогі, забеспячэнні бяспекі непаўналетняга, зняцці стрэсавага стану;
• суправаджэнні дзяцей і падлеткаў групы рызыкі па суіцыдальных паводзінах з мэтай папярэджання самагубстваў: тэрапія крызісных станаў, якая спрыяе пазітыўнаму прыняццю сябе падлеткамі і дазваляе эфектыўна пераадольваць крытычныя сітуацыі;
• уключэнні створанай сістэмы псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў розных узроставых груп у адукацыйны працэс (складанай праграмы або плана працы па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў навучэнцаў) у агульны план дзеянняў;
• вызначэнні пазіцый спецыялістаў і пераліку канкрэтных дзеянняў пры выяўленні навучэнца групы рызыкі, пры пагрозе навучэнца скончыць жыццё самагубствам.
Мерапрыемствы, якія рэалізуюць задачы другаснай прафілактыкі суіцыдальных паводзін ва ўстанове адукацыі.
Комплекс мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць павышэнню кампетэнтнасці педагогаў і бацькоў у галіне распазнання маркераў суіцыдальнай рызыкі, а таксама аказання падтрымкі і дапамогі навучэнцам, якія апынуліся ў крызіснай або цяжкай жыццёвай сітуацыі, напрыклад:
• распрацаваць памяткі "Маркеры суіцыдальнага стану", "Фактары суіцыдальнай рызыкі", "Як распазнаць востры крызісны стан у навучэнца", "Што рабіць, калі навучэнец выказвае суіцыдальныя намеры" і г.д. Ва ўсіх матэрыялах важна ўказваць службы і арганізацыі, дзе можна атрымаць дапамогу,
• запрашаць урачоў-псіхатэрапеўтаў і ўрачоў-псіхіятраў-нарколагаў з інфармацыяй па праблематыцы дэпрэсіі, асобасных расстройстваў і суіцыдальнай рызыкі непаўналетніх,
• інфармаваць аб магчымасці атрымання кансультатыўнай псіхалагічнай дапамогі (як ва ўстановах адукацыі, так і ва ўстановах аховы здароўя).
Удзел у стварэнні інфармацыі і забеспячэнні доступу да яе навучэнцаў і педагогаў, якая дазваляе зарыентавацца ва ўласным стане або стане навучэнца, і кантактамі службаў, якія аказваюць дапамогу (напрыклад, стэнды, інфармацыйная анлайн-платформа, дзе размешчана інфармацыя аб маркерах дэпрэсіўнага і суіцыдальнага стану і кантакты службаў, у якія можна звярнуцца па дапамогу).
Штогадовае псіхадыягнастычнае абследаванне па выяўленні фактараў высокай рызыкі суіцыданебяспечных паводзінаў сярод непаўналетніх ва ўстанове адукацыі.
Індывідуальныя і групавыя заняткі з непаўналетнімі "групы рызыкі", аказанне сацыяльнай падтрымкі, павышэнне самаацэнкі, развіццё адэкватнага стаўлення да ўласнай асобы.
На гэтым этапе прадугледжана правядзенне індывідуальных і групавых заняткаў з навучэнцамі, якія маюць высокую суіцыдальную рызыку, па навучанні сацыяльным і паводніцкім навыкам, зняццю эмацыянальнага напружання, развіццю фрустрацыйнай талерантнасці і інш.
Задачы педагога-псіхолага на дадзеным узроўні:
Правядзенне штогадовага псіхадыягнастычнага абследавання па выяўленні рызыкі суіцыданебяспечных паводзінаў навучэнцаў.
На падставе даных штогадовага псіхадыягнастычнага абследавання, а таксама аналізу назіранняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў (куратараў), выхавальнікаў, аднакласнікаў (аднагрупнікаў), законных прадстаўнікоў і г.д), дадатковай дыягностыкі (пры неабходнасці), скаргаў настаўнікаў, запытаў законных прадстаўнікоў – выдзяленне навучэнцаў групы рызыкі, у тым ліку тых, якія маюць комплекс суіцыдальных фактараў.
Правядзенне дадатковай дыягностыкі (пры неабходнасці), якая дазваляе ацаніць патахарактэралагічныя асаблівасці (няўстойлівы тып акцэнтуацыі ў спалучэнні з гіпертымным, эмацыянальна-лабільным, шызоідным, эпілептоідным і істэроідным), узровень трывожнасці і агрэсіўнасці, ступень дэзадаптацыі, ступень суіцыду.
Аналіз дыягнастычных дадзеных з выхадам на рэкамендацыі.
Удзел у распрацоўцы і рэалізацыі індывідуальнай праграмы (плана) суправаджэння.
Рэалізацыя сваёй часткі адказнасці пры рабоце з сям'ёй вучня (кансультаванне бацькоў па пытаннях праблемных узаемаадносінаў з дзіцем).
Распрацоўка памятак для бацькоў і педагогаў (як распазнаць востры крызісны стан у дзіцяці і што з гэтым рабіць, у якія службы можна звярнуцца па дапамогу).
Садзейнічанне супрацоўніцтву педагагічных работнікаў і законных прадстаўнікоў з іншымі спецыялістамі.
2. У другім выпадку другасная прафілактыка ажыццяўляецца з групай навучэнцаў, якія прама або ўскосна інфармуюць аб суіцыдальных намерах і маюць фактары суіцыдальнай рызыкі.
Асноўнай задачай работы на гэтым этапе прафілактыкі з'яўляецца прадухіленне суіцыду. Неабходна памятаць аб спосабах, якімі непаўналетнія могуць інфармаваць навакольных аб намеры ўчынення суіцыду.
На гэтым этапе работы педагог-псіхолаг ацэньвае рызыку ўчынення суіцыдальных дзеянняў. З гэтай мэтай можна выкарыстоўваць, напрыклад, такія дыягнастычныя методыкі, як «Апытальнік суіцыдальнай рызыкі» (АСР) (мадыфікацыя Т. М. Разуваевай), «Шкала ацэнкі рызыкі суіцыду» Патэрсана (ШАРС, The Sad Persons Scale, Patterson et al., 1983), "Шкала безнадзейнасці" Бека (Hopelessness Scale, Beck et al., 1974).
Існуе 3 ступені рызыкі:
1. Нязначная рызыка:
- наяўнасць суіцыдальных думак без пэўных планаў;
2. Рызыка сярэдняй ступені:
- наяўнасць суіцыдальных думак,
- наяўнасць плана без тэрміна,
- наяўнасць суіцыдальных спроб у анамнезе;
3. Высокая рызыка:
- наяўнасць суіцыдальных думак, суіцыдальныя думкі, ідэі вербалізуюцца,
- распрацаваны план учынення суіцыду,
- ёсць тэрміны рэалізацыі,
- ёсць сродкі для здзяйснення суіцыду,
- адсутнічаюць надзеі на будучае.
У межах кожнай са ступеняў рызыкі існуюць пэўныя стратэгіі і дзеянні.
Першачарговыя (пачатковыя) задачы педагога-псіхолага пры нязначнай рызыцы:
- важна прапанаваць навучэнцу эмацыянальную падтрымку;
- прапрацаваць суіцыдальныя пачуцці (адзінота, смутак, адчай, крыўда, сорам, віна, гнеў і г.д);
- сканцэнтраваць увагу на моцных баках навучэнца, досведзе поспехаў і ўдалых рашэнняў праблемных сітуацый;
- пры здагадцы аб наяўнасці дэпрэсіі або расстройстве асобы – накіраваць да ўрача-псіхатэрапеўта або ўрача-псіхіятра-нарколага;
- наладзіць пастаяннае кансультаванне на перыяд пераадолення крызіснага стану;
- інфармаваць законных прадстаўнікоў аб наяўнасці суіцыдальнай рызыкі.
Першачарговыя (пачатковыя) задачы педагога-псіхолага пры наяўнасці рызыкі сярэдняй ступені:
- важна прапанаваць навучэнцу эмацыянальную падтрымку;
- прапрацаваць суіцыдальныя пачуцці (адзінота, смутак, роспач, крыўда, сорам, віна, гнеў і да т.п.);
- умацаваць жаданне жыць (праз працу з амбівалентнымі пачуццямі);
- заключыць “кантракт";
- пры здагадцы аб наяўнасці дэпрэсіі або расстройстве асобы – рэкамендаваць звярнуцца па дадатковую кансультацыю да ўрача-псіхатэрапеўта або ўпрача-псіхіятра-нарколага;
- інфармаваць законных прадстаўнікоў аб наяўнасці суіцыдальнай рызыкі;
- звязацца з сябрамі, садзейнічаць узмацненню эмацыянальнай падтрымкі ў сямейным і сяброўскім асяроддзі.
Вядзенне выпадку высокай суіцыдальнай рызыкі.
У выпадку выяўлення фактараў высокай рызыкі суіцыдальных дзеянняў варта абапірацца на палажэнні "Інструкцыі аб парадку дзеянняў работнікаў устаноў адукацыі, аховы здароўя і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры выяўленні фактараў рызыкі суіцыдальных дзеянняў у непаўналетніх" і прытрымлівацца алгарытму дзеянняў работнікаў устаноў адукацыі, аховы здароўя і органаў унутраных спраў пры выяўленні непаўналетніх, схільных да суіцыданебяспечных паводзінаў.
Пры гэтым можна рэкамендаваць таксама наступнае:
1. Мэтазгодным бачыцца вядзенне спецыялістам СППС (як правіла, педагогам-псіхолагам) банка даных аб навучэнцах групы суіцыдальнай рызыкі. Спецыяльная форма для такога дакумента не прадугледжана. Можна абапірацца на патрэбы педагога-псіхолага ў інфармацыі, да якой важны хуткі доступ, напрыклад: ПІБ навучэнца, дата выяўлення, спосаб выяўлення, наяўныя суіцыдальныя і антысуіцыдальныя фактары.
У гэтую групу ўключаюць навучэнцаў з выяўленай суіцыдальнай рызыкай (па выніках дыягностыкі і назірання, звестак, атрыманых ад аднагрупнікаў, куратара, выхавальніка інтэрната, выкладчыкаў).
2. Пры выяўленні высокай рызыкі суіцыду (па-за актуальнымі суіцыдальнымі паводзінамі) – можна ініцыяваць кансіліум (прадстаўнік адміністрацыі, спецыялісты СППС, законныя прадстаўнікі, класны кіраўнік (куратар) (пры неабходнасці). Дакументамі, сфарміраванымі ў выніку працы кансіліуму, могуць быць пратакол кансіліуму і праграма суправаджэння падлетка. Усе ўдзельнікі інфармуюцца аб няўхільным захаванні прынцыпу канфідэнцыяльнасці.
3. Індывідуальны план (праграма) працы з падлеткам:
Пры правядзенні працы па індывідуальнаму плану (праграме) важна адзначаць праведзеную працу ў «Журнале ўліку кансультацый удзельнікаў адукацыйнага працэсу» (адзначаць, што дадзены рэкамендацыі (педагогам, законным прадстаўнікам), якія мерапрыемствы плануюцца і г.д).
Першасная экспертная ацэнка суіцыдальных паводзінаў
Пры любым паведамленні аб фактарах высокай суіцыдальнай рызыкі праводзіцца першасная экспертная ацэнка суіцыдальных паводзінаў. Кожная ацэнка суіцыдальных паводзінаў павінна ўключаць у сябе:
- праверку фактараў рызыкі, якія маюць дачыненне да суіцыду (з назіранняў куратара, аднакласнікаў, выкладчыкаў і да т.п.);
- гісторыю праяў суіцыдальных паводзінаў;
- нязменныя біялагічныя, псіхасацыяльныя, псіхічныя, сітуатыўныя ўмовы або стан здароўя (захворванні, у тым ліку псіхічныя расстройствы, ужыванне ПАР, жыццёвая сітуацыя);
- ступень праявы бягучых суіцыдальных сімптомаў, уключаючы ўзровень адчування безнадзейнасці;
- раптоўныя моцныя фактары стрэсу (страты, крушэнне рамантычных адносінаў, няўдача ў вучэбнай дзейнасці, гвалт, сур'ёзныя канфлікты са значнымі людзьмі);
- узровень імпульсіўнасці і самакантролю («Патахарактэралагічны дыягнастычны апытальнік» (ПДА) А. Е. Лічко: характэрныя для няўстойлівага тыпу акцэнтуацыі або ў спалучэнні яго з гіпертымным, эмацыянальна-лабільным, шызоідным, эпілептоідным і істэроідным тыпамі асобы);
- ахоўныя фактары (антысуіцыдальныя фактары) – адсутнічаюць або мінімальныя.
Правілы рэагавання ў сітуацыі высокай суіцыдальнай рызыкі (актуальныя суіцыдальныя паводзіны)
У выпадку высокай суіцыдальнай рызыкі ў сітуацыі актуальных суіцыдальных паводзінаў патрэбныя меры неадкладнага рэагавання:
1. Напачатку важна не пакідаць навучэнца аднаго, паспрабаваць супакоіць яго, зменшыць яго трывогу:
• абмежаваць доступ да сродкаў самапашкоджання і спосабаў суіцыду,
• прыбраць з зоны дасяжнасці ўсе прадметы, якія магчыма выкарыстоўваць прама з мэтай суіцыду,
• абмежаваць магчымасць адкрыць акно ці выйсці на дах: падзенне з вышыні – другі па папулярнасці спосаб суіцыду ў гарадскім асяроддзі,
• абмежаваць магчымасці перамяшчэння навучэнца.
2. Неадкладна інфармаваць законных прадстаўнікоў аб сітуацыі рызыкі, у якой апынуўся вучань, і аб неабходнасці аказаць яму тэрміновую дапамогу.
3. Патэлефанаваць у службы тэрміновай дапамогі. Праца тэрміновых службаў неабходна ў сітуацыі спробы або завершанага суіцыду.
Пасля зніжэння рызыкі спробы суіцыду пры захаванні і/або пры наяўнасці высокай рызыкі суіцыду задачамі педагога-псіхолага з'яўляюцца:
1.1. Садзейнічанне арганізацыі і ўдзел у працы кансіліуму па суіцыдальным выпадку (члены кансіліуму: прадстаўнік адміністрацыі, спецыялісты СППС, класны кіраўнік (куратар), гэта значыць, тыя людзі, якія могуць паўплываць на крызісную сітуацыю). Для захавання канфідэнцыяльнасці інфармацыю аб суіцыдальнай рызыцы педагогу-псіхолагу варта абмяркоўваць з кіраўніком, а далей, пры яго падтрымцы, даваць рэкамендацыі астатнім удзельнікам адукацыйнага працэсу, якія маюць рэсурсы ўплыву на крызісную сітуацыю.
1.2. Удзел у складанні плана суправаджэння крызіснага выпадку (індывідуальны план працы з навучэнцам у крызіснай сітуацыі). Пры стасунках з уключанымі ў сітуацыю дарослымі (у першую чаргу законнымі прадстаўнікамі, класным кіраўніком (куратарам), педагагічнымі работнікамі) педагог-псіхолаг:
• атрымлівае звесткі ад бацькоў, выкладчыкаў (а пасля – у аднагрупнікаў і сяброў падлетка) аб зменах у паводзінах вучня, іх працягласці, актуальнай сітуацыі і магчымых правакацыйных падзеях, а таксама аб наяўнасці іншых суіцыдальных і антысуіцыдальных фактараў);
• атрымлівае інфармацыю аб наяўнасці і якасці падтрымкі ад сям'і, педагогаў і аднагодкаў;
• заручаючыся падтрымкай адміністрацыі, фарміруе ўстаноўку ў выкладчыкаў і бацькоў аб неабходнасці падтрымкі і разумення вучня ў крызіснай сітуацыі.
2. Вызначэнне крокаў індывідуальнай сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі.
3. Правядзенне індывідуальнай псіха-карэкцыйнай работы з навучэнцам.
4. Арганізацыя групавой работы ў вучэбнай групе і ўключэнне ў яе вучня з мэтай аднаўлення навыкаў адаптацыі (гэта можа быць камандаўтваральны або камунікатыўны трэнінг, трэнінг фрустрацыйнай талерантнасці і г.д, у залежнасці ад выяўленых у вучня складанасцяў).
5. Арганізацыя і правядзенне кансультацый для ўключаных у выпадак выкладчыкаў, бацькоў і дзяцей. Пры адсутнасці рэсурсу СППС – інфармаванне аб арганізацыях і службах, дзе можна атрымаць такога роду дапамогу.
6. Маніторынг псіхаэмацыянальнага стану навучэнца.
Праца з адміністрацыяй і педагогамі
Інфармаванне адміністрацыі ўстановы адукацыі аб крызісным выпадку.
Садзейнічанне арганізацыі кансіліуму з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі і іншых дарослых, якія маюць магчымасць аказаць уплыў на сітуацыю (класны кіраўнік (куратар), законныя прадстаўнікі).
Арганізацыя і правядзенне кансультацый (індывідуальных і групавых) для уключаных у крызісны выпадак дарослых (класны кіраўнік (куратар), законныя прадстаўнікі, педагогі), мэтай якіх будзе распрацоўка стратэгіі ўзаемадзеяння з навучэнцам і групай рызыкі на перыяд пераадолення крызіснай сітуацыі.
Сярод педагагічнага саставу ўстановы адукацыі важна вызначыць тых, хто можа аказваць эмацыянальную падтрымку навучэнцу, і тых, хто аказвае фрустрыруючы ўплыў.
Пры падтрымцы адміністрацыі важна даць рэкамендацыі выкладчыкам для мінімізацыі фрустрыруючага ўздзеяння і актывізацыі падтрымліваючых. Таксама педагагічныя работнікі і прадстаўнікі адміністрацыі, якія ўключаны ў крызісны выпадак, маюць патрэбу ў выказванні сваіх пачуццяў і перажыванняў.
Спецыялісты СППС могуць даць ім магчымасць групавой або індывідуальнай кансультацыі, у тым ліку з удзелам запрошаных спецыялістаў (крызісных псіхолагаў, педагогаў-псіхолагаў СПЦ і інш.), паколькі педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог таксама могуць мець патрэбу ў дапамозе.
Альтэрнатыўным варыянтам можа быць інфармаванне аб службах і арганізацыях, якія аказваюць кансультатыўную псіхалагічную дапамогу ў рэгіёне.
Садзейнічанне ў арганізацыі камунікацыі па абмене звесткамі аб зменах у сітуацыі (пры змене ў паводзінах і стане навучэнца, які знаходзіцца ў крызіснай сітуацыі).
Праца з навучэнцам
Задачы педагога-псіхолага пры наяўнасці высокай рызыкі (па-за актуальнымі суіцыдальнымі паводзінамі):
1. Аказаць эмацыянальную падтрымку. Устанавіць кантакт і сфарміраваць даверныя адносіны. Пры наяўнасці ўсіх прыкметаў суіцыдальнай рызыкі, але не пры актуальным суіцыдзе – магчымая інтэрвенцыя (без этапу выбудоўвання даверу) – «Я ведаю твой план. Давай разбірацца, што адбываецца».
2. Выявіць актуальную зону напружання і крыніцу псіхалагічнага болю (адносіны з бацькамі, педагогамі, аднагодкамі, драма ў рамантычных адносінах, стаўленне да будучыні і г.д.).
3. Сумесна з падлеткам сфарміраваць план працы. Заключыць кантракт. (Кантракт складаецца ў адвольнай форме). Гэта важная працэдура, накіраваная на лакалізацыю крызіснай сітуацыі, фармуляванне яе ў зразумелых для падлетка тэрмінах, дасягненне пагаднення аб крызіснай арыентацыі карэкцыйнай працы, тэрмінах рэалізацыі карэкцыйнага плана, падзеле адказнасці за вынік сумеснай працы, прызнанне здольнасці самастойна кантраляваць свае суіцыдальныя тэндэнцыі і адказваць за прыняцце рашэнняў і іх выкананне. У кантракце таксама фіксуецца дамоўленасць аб абавязковым інфармаванні педагога-псіхолага ў сітуацыі актуалізацыі жадання здзейсніць суіцыд.
4. Раскрыць суіцыданебяспечныя перажыванні. Прапрацаваць суіцыдальныя пачуцці (адзінота, крыўда, боль, страх, сорам, віна і г.д).
5. Умацаваць жаданне жыць (праз працу з амбівалентнымі пачуццямі і актывізацыю антысуіцыдальных фактараў).
6. Паляпшаць разуменне і прыняцце сябе.
7. Мабілізаваць адаптыўныя навыкі праблемна-вырашальных паводзінаў (фарміраванне навыку дазваляе знаходзіць альтэрнатыўныя суіцыду спосабы вырашэння жыццёвых цяжкасцяў).
8. Развіваць камунікатыўныя навыкі (у тым ліку навык вырашэння канфліктаў), трэніраваць здольнасць пераносіць фрустрацыю, пашыраць спектр копінг-стратэгій, навучаць спосабам зніжэння нервовага напружання, развіваць навыкі самарэгуляцыі.
Праца з аднагодкамі
На этапе працы з навучэнцамі, якія дэманструюць фактары высокай суіцыдальнай рызыкі, задачамі педагога-псіхолага з'яўляюцца:
1) вывучыць адносіны з аднагодкамі (аднакласнікамі (аднагрупнікамі) і сябрамі з установы адукацыі);
2) садзейнічаць узмацненню эмацыянальных сувязяў са значнымі аднагодкамі;
3) пры наяўнасці канфліктаў з аднагодкамі – аказаць дапамогу ў іх вырашэнні;
4) арганізаваць працу па ўмацаванні сяброўскай атмасферы ў класе (групе); 5) арганізаваць групавыя формы працы і ўключаць у іх навучэнца, напрыклад, трэнінгі:
- па развіцці камунікатыўных навыкаў,
- вырашэнні канфліктаў,
- фрустрацыйнай талерантнасці,
- эмацыянальнай самарэгуляцыі.
Мэта групавых заняткаў залежыць ад складанасцяў вучня ў крызіснай сітуацыі.
Праца з законнымі прадстаўнікамі
Задачамі педагога-псіхолага ва ўстанове адукацыі пры рабоце з законнымі прадстаўнікамі будуць з'яўляцца наступныя:
1) арганізаваць кансультацыі з бацькамі, даць рэкамендацыі па выбудоўванні аптымальных адносінаў з навучэнцам, па аказанні дапамогі ў пераадоленні крызіснай сітуацыі;
2) у выпадку неабходнасці аказання псіхатэрапеўтычнай дапамогі сям'і ў педагога-псіхолага павінна быць інфармацыя, якую ён зможа прадаставіць законным прадстаўнікам (тэлефон, адрас, умовы аказання дапамогі);
3) у выпадку адсутнасці матывацыі ў бацькоў супрацоўнічаць з мэтай пераадолення крызіснай сітуацыі – ініцыяваць кансіліум для выпрацоўкі спосабаў узаемадзеяння з бацькамі для арганізацыі дапамогі навучэнцу.
Завяршэнне выпадку
Пасля рэалізацыі комплексу мераў для пераадолення крызіснай сітуацыі мэтазгодна правесці паўторную дыягностыку наяўнасці рызыкі суіцыдальных дзеянняў. Падбор дыягнастычных методык залежыць ад першапачатковых прычын з'яўлення суіцыдальных намераў і зон напружання.
ВАЖНА! Калі вынікі дыягностыкі дэманструюць стабілізацыю сітуацыі і інфармацыя аб стабілізацыі пацвярджаецца ў асяроддзі навучэнца (бацькі, аднагрупнікі, сябры, выкладчыкі) – выпадак можна завяршаць.
разгарнуць » / « згарнуць